pdf-версия статьи
|
Л.М. Аленікава,
выкладчык вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны
каледж мастацтваў”
|
Анатацыя. У артыкуле падаецца план-канспект вучэбных заняткаў па тэме “Вобразная сістэма аповесці Васіля Быкава “Сотнікаў”. Вырашэнне праблемы маральнага выбару. Распрацоўка суправаджаецца прэзентацыяй.
Ключавыя словы: аўтарская пазіцыя, вобраз, кампазіцыя, праблематыка, сюжэт.
Мэты:
– навучання: прааналізаваць вобразы Сотнікава, Рыбака; праз асэнсаванне асаблівасцяў сюжэта, кампазіцыі падвесці навучэнцаў да разумення праблемы маральнага выбару;
– развіцця: развіць уменні навучэнцаў характарызаваць вобразы-персанажы, аналізаваць твор з улікам ідэйна-мастацкай цэласнасці і аўтарскай пазіцыі, абгрунтоўваць уласную ацэнку герояў і падзей;
– выхавання: стварыць умовы для выхавання духоўных каштоўнасцяў, станаўлення светапогляду праз асэнсаванне ўяўных і сапраўдных каштоўнасцяў жыцця.
Метадычная мэта: дэманстрацыя прымянення прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, метадаў аналізу мастацкага твора.
Прагназаваны вынік: веданне асаблівасцяў сюжэту, кампазіцыі, праблематыкі твора; характарыстыка вобразаў герояў аповесці, выяўленне аўтарскай пазіцыі і сваіх адносінаў да герояў і падзей.
Тып занятку: вывучэнне новага матэрыялу.
Міждысцыплінарныя сувязі: беларуская мова, гісторыя, культура маўлення.
Дыдактычнае забеспячэнне:
– прыёмы ТРКМ (пераблытаны лагічны ланцужок, эмацыйны рад, параўнальная табліца, прыём завяршэння фразы);
– дыдактычныя матэрыялы: кнігі з тэкстам аповесці “Сотнікаў”, раздатачныя матэрыялы, канспекты, электронная прэзентацыя, фільм рэжысёра Ларысы Шэпіцька “Узыходжанне”.
Абсталяванне: ноўтбук, праектар, экран.
Ход заняткаў
1.
Арганізацыйны момант.
2.
Матывацыйна-ўстановачны этап (слайд 1):
– паведамленне тэмы, запіс яе ў сшытак вучнямi;
– фарміраванне станоўчай матывацыі;
– вызначэнне мэты занятку (для навучэнцаў) (слайд 2), запіс ў сшытак:
ведаць сюжэт, асаблівасці кампазіцыі твора,
навучыцца характарызаваць вобразы Сотнікава, Рыбака,
высветліць прычыны, якія прывялі да ўзвышэння Сотнікава і здрады Рыбака;
– вызначэнне парадку работы, ацэньвання.
3.
Работа над зместам аповесці.
3.1.
Арыентацыйная частка.
Задума твора (слайд 3) (індывідуальнае апераджальнае заданне (работа з падручнікам [1, с. 59])).
Заданне: перадайце ўспамін пісьменніка аб з’яўленні задумы напісаць твор.
Хто з герояў аповесці выбраў такі ж шлях? (Рыбак.)
Назва твора: вядомая назва – “Сотнікаў”, яна ж і афіцыйная. Каб твор адпавядаў прынцыпам ідэалогіі, часам дастаткова было змяніць толькі назву. Так і адбылося. Змена загалоўка істотна паўплывала на фарміраванне літаратурна-крытычных ацэнак, прывяла да скажэння аўтарскай пазіцыі ў творы. Трэба адзначыць, што ў рукапісе В. Быкава аповесць мела іншую назву – “Двое ўначы” [4].
Аўтарская пазіцыя (паняцце, да якога будзем звяртацца на занятку) – стаўленне аўтара да ўчынкаў і падзей праз стварэнне сюжэту, вобразаў твора.
Аўтарская пазіцыя выяўляецца і праз стварэнне адметнай кампазіцыі твора [2]. У чым жа гэта адметнасць? (Пачарговая змена апавядальніка, выкарыстанне прыёму рэтраспектывы.) Што нам гэта дае? (Магчымасць супастаўляць паводзіны герояў, іх адносіны да падзей, сябе і іншых.)
Эмацыйны рад.
Узгадайце падзею, учынак, эпізод, словы, якія закранулі вас, запомніліся найбольш, не пакінулі абыякавымі (па ланцужку).
3.2. Асэнсаванне падзей твора.
3.2.1. Характарыстыка вобразаў (слайд 4) (метады і прыёмы: “пераблытаны лагічны ланцужок” – складанне кадраплана, чытанне, аналіз услед за аўтарам, эўрыстычная гутарка).
Заданне: аднавіце сюжэт аповесці, расстаўце падзеі (кадры) твора ў храналагічнай паслядоўнасці. Пранумаруйце кадры.
Праверка правільнасці выканання задання.
Апошні кадр пазначаны колерам. Як вы думаеце, чаму я яго выдзеліла? (Падзеі пасля пераломнага моманту, калі героі трапілі ў палон.)
Спыніцеся на кадрах, у адпаведнасці з пытаннямі апераджальнага задання вызначце найбольш важныя эпізоды кадраў для асэнсавання вобразаў герояў; зрабіце высновы.
Кадр 1. Гнілое балота, партызанскі атрад.
Апераджальнае заданне – адкажыце на пытаннi:
– З чаго пачынаецца аповесць? Хто ідзе на заданне? Чаму яны? Як выглядалі?
– Як Сотнікаў тлумачыць прычыну таго, чаму хворы не адмовіўся ад задання?
Прыкладны адказ: два партызаны Сотнікаў і Рыбак ідуць на заданне, каб здабыць ежу для атрада.
На няпростае заданне ідуць Рыбак (дужы, добра апрануты) і не зусім здаровы Сотнікаў. На апошняга жалка глядзець. Ён апрануты ў лёгкі шынялёк, у пілотцы, без рукавіц. А на дварэ люты. Ён бачыў, што многія партызаны адчуваюць сябе яшчэ горш, таму і не стаў гаварыць аб сваёй хваробе. Лічыў, што абыдзецца, каб не прыняць чужой дапамогі. Вось, як ён тлумачыць прычыну свайго ўчынку: [3, с. 138] (ч. 1) са слоў: “Калі яны выправіліся і Сотнікаў…”.
Зрабіце выснову да кадра.
Прыкладны адказ: абодва трывожыліся за таварышаў, адчувалі адказнасць за іншых, “упартасці было ў гэтага Сотнікава на траіх”, – таму і дапамогі не трэба, таму і трапіў на заданне.
Кадр 2. Спалены хутар. Шлях да в. Азярышча.
Апераджальнае заданне – адкажыце на пытаннi:
– Як далей разгортваюцца падзеі?
– Як Рыбак паставіўся да таго, што хутар спалены? Зачытайце ўрывак [3, с. 143] (ч. 2) ад слоў “Рыбак зарумеў, што пачынала ўсур’ёз не шэнціць,..” да слоў “… туды ім дарогі няма”.
– Як адчувае сябе Сотнікаў? Зачытайце ўрывак [3, с. 145] (ч. 2) ад слоў “Па праўдзе кажучы, Сотнікаў адчуваў сябе вельмі кепска…” да слоў “…прастуда не лічылася за сур’ёзную хваробу”.
– Чаго баіцца ў гэтай сітуацыі? Зачытайце ўрывак [3, с. 146] (ч. 2) ад слоў “Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца…” да слоў “Мусіць, таму разам і трапілі на гэта заданне”.
Прыкладны адказ: яны прыйшлі да хутара, ўбачылі, што ён спалены. Гэта ўжо прадчувалі, бо пах гару адчуваўся здалёк [3, с. 143] ад слоў “Рыбак зарумеў, што пачынала ўсур’ёз не шэнціць...”.
Рыбак шкадуе Сотнікава: адсыпаў жменю паранага жыта (а гэта была дзённая норма), прапанаваў вярнуцца ў лагер, але Сотнікаў, нягледзячы на тое, што [3, с. 145] (ч. 2) “…адчуваў сябе вельмі кепска…”, адмовіўся вяртацца; [4, с. 146] (ч. 2) ад слоў “Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца…” да слоў “Мусць, таму разам і трапілі на гэта заданне”.
Яны рушылі да в. Азярышча, але зайсці ў яе і прыдбаць правіянт не ўдалося, бо там чуліся стрэлы, а значыць былі паліцаі.
Зрабіце выснову да кадра.
Прыкладны адказ: Сотнікаў і Рыбак зблізіліся ў апошні час на заданнях, давяралі і па-таварыску ставіліся адзін да аднаго. Сотнікаў баяўся ператварыцца ў абузу.
Кадр 3. В. Лясіны.
Апераджальнае заданне – адкажыце на пытаннi:
– Як разгортваюцца падзеі ў в. Лясіны?
– Якія рысы выявіліся ў характары Рыбака, калі дапамагаў старой?
– Зачытайце ўрывак [4, с. 146] (ч. 3) ад слоў “Біў трапна, з прыемнасцю…” да слоў “… спрадвечнай мужчынскай працы”.
– З якім героем знаёмімся ў гэтай частцы? Чаму ён стаў старастам?
– Як Сотнікаў і Рыбак ставяцца да старога? Рыбак: [3, с. 169] (ч. 3) ад слоў “Ён ужо выразна адчуваў злосць…” да слоў “… усё было зразумела”.
Чаму Рыбак не забіў Пётру? Зачытайце ўрывак [3, с. 170] (ч. 5) ад слоў “… дапяты хваробай Сотнікаў папракнуў яго старастам…” да слоў “… гэтае жаданне паступова знікла”.
Прыкладны адказ: Сотнікаў і Рыбак дайшлі да в. Лясіны, пабаяліся зайсці ў крайнюю хату. З вопыту ведалі, што там можа чакаць непрыемнасць. Прайшлі далей, убачылі жанчыну, высветлілі, як завецца вёска, што ўзяць у чырвонаармейскай мацеры няма чаго. Рыбак не змог прайсці міма, дапамог калоць дровы. [4, с. 160] (ч. 3) ад слоў “Біў трапна, з прыемнасцю…” да слоў “… спрадвечнай мужчынскай працы”. Ён быў звыклы да цяжкой вясковай працы, па якой засумаваўся за ваенны час.
Ад гэтай жанчыны даведаліся, што побач жыве стараста, “свой жа чалавек”, рушылі да яго. Тут знаёмімся з яшчэ адным героем твора, якога напаткае трагічны лёс па віне Сотнікава і Рыбака. Яны не ведаюць, што Пётра выконвае абавязкі па загадзе старшыні райвыканкамі. Адносяцца да яго з нянавісцю.
Рыбак: [3, с. 169] (ч. 3) ад слоў “Ён ужо выразна адчуваў злосць…” да слоў “… усё было зразумела”.
Сотнікаў не давярае словам. Аднойчы даверлівасць яму ледзь не каштавала жыцця. Лічыць старасту ворагам, а ворагаў трэба знішчаць. Гэтым папракнуў Рыбака [3, с. 170] (ч. 5) ад слоў “… дапяты хваробай Сотнікаў папракнуй яго старастам…” да слоў “… гэтае жаданне паступова знікла”.
Зрабіце выснову да кадра.
Прыкладны адказ: праз гэтыя эпізоды выяўляецца стаўленне герояў да ўчынкаў іншых людзей, перакананні, звязаныя з адносінамі да здрады (здраднікаў трэба знішчаць, бо яны такія ж ворагі, як фашысты).
Кадр 4. Вяртанне ў лагер. Уцёкі ад паліцаяў.
Апераджальнае заданне:
– Пералічыце найбольш значныя падзеі, якія адбыліся з героямі пад час вяртання ў лагер.
– Што Сотнікаў думае пра смерць? Зачытайце ўрыўкі [3, с. 186] (ч. 6) ад слоў “Смерці ў баі ён не баяўся…” да слоў “каб не зрабіцца лішнім клопатам для іншых”; [3, с. 192] (ч. 6) ад слоў “Брацкая магіла, якая…” да слоў “…амаль раскошай”; [3, с. 193] (ч. 6) ад слоў “Там, дзе смерць вызваляла ад пакут… і толькі”.
Як паводзіць сябе Рыбак у гэтай сітуацыі? Зачытайце ўрывак [3, с. 186] (ч. 5) ад слоў “Значыць, калі яшчэ можна, трэба ўцякаць…” да слоў “прыпусціў караем балотца.”; ад слоў “і раптам выразна, што рабіў не так.” Да слоў “…кінуўся па сваім следзе назад”; [3, с. 195] (ч. 7) ад слоў “Яны папаўзлі да кустоўя…” да слоў “ён таксама выбіўся з сілы”.
Якімі трывогамі жыве Рыбак пасля часовага паратунку? Зачытайце ўрывак [3, с. 202] (ч. 6) ад слоў “Сярод усяго патаемнага трымцела… Тады ўжо сапраўды канец”.
Прыкладны адказ: партызаны дабылі авечку і цяпер трэба вярнуцца ў лагер. Ідучы па дарозе, пачуюць галасы і адбудзецца сустрэча з паліцаямі, перастрэлка, раненне Сотнікава. Ён думае, што дапамогі не будзе, Рыбак кінуў яго, вырашае застрэліцца. Думае пра смерць…
Рыбак у гэтай сітуацыі лічыць [3, с. 186] (ч. 5) ад слоў “Значыць, калі яшчэ можна, трэба ўцякаць.” Да слоў “прыпусціў караем балотца.”; ад слоў “і раптам выразна адчуў, што рабіў не так...” да слоў “…кінуўся па сваім следзе назад”. Пасля паратунку думае, дзе яны цяпер, не хапала яшчэ заблудзіцца, адчувае страх за жыццё [3, с. 202] (ч. 6) ад слоў “Сярод усяго патаемнага трымцела… Тады ўжо сапраўды канец”.
Зрабіце выснову да кадра.
Прыкладны адказ: Рыбак праявіў выдатную якасць: салдацкую ўзаемавыручку; аўтар паказвае рознае ўспрыманне смерці героямі (Сотнікаў не баіцца яе ў баі, гатовы прыняць, як збавенне ад пакут; Рыбак са страхам думае пра яе, разумее, што страх прывядзе да смерці).
Кадр 5. У хаце Дзёмчыхі.
– Чаму апынуліся ў хаце Дзёмчыхі? Як сустракала гаспадыня? Ці ўсведамляла ўсю небяспеку ад знаходжання партызанаў у хаце?
– Які момант стане пераломным у творы? Зачытайце ўрывак [3, с. 234] (ч. 9) ад слоў “Ён адкінуў ад сябе пакулле…”.
Прыкладны адказ: iм удалося адарвацца ад паліцаяў, дабрысці да незнаёмай вёскі. Сотнікаў згадзіўся, што яму трэба застацца, бо паранены не зможа дайсці да лагера. Зайшлі ў крайнюю хату. Гаспадыня Дзёмчыха (Аўдоцця) была на заробках, у хаце чацвёра дзяцей. Сотнікаў і Рыбак дакладна ведаюць, якую небяспеку нясуць сваёй прысутнасцю. Яна сустрэла іх незадаволена. Калі ўбачылі паліцаяў на могілках, ажно сцяліся ад жаху.
Сотнікаў і Рыбак хаваюцца на гарышчы. Сотнікаў кашлянуў і выдаў іх прысутнасць.
Рыбак, калі зразумеў, што праз секунду прагучыць аўтаматная чарга, у сваім адчуванні аказаўся на апошнім рубяжы між жыццём і нябытам. Ён адкінуў ад сябе пакулле [3, с. 234] (ч. 9) і папрасіў не страляць. Пагібель нібыта адсоўвалася, гэта было для яго галоўнае, а астатняе не мела сэнсу – пра астатняе ён не думаў. Так яны трапілі ў палон.
Зрабіце выснову да кадра.
Прыкладны адказ: страх, якога так баяўся Рыбак, пераадолеў яго. Гэта стане пачаткам шляху да здрады. Сотнікаў будзе жыць адчуваннем віны і жаданнем уратаваць іншых.
Кадр 6. У палоне (да яго вернемся пазней).
Заданне: запоўніце табліцу, пазначце знакам якасці, характэрныя героям; зрабіце каментар (слайд 5).
Сотнікаў/ +
|
Якасці
|
Рыбак/ +
|
+ (духам)
|
МОЦНЫ
|
+ (фізічна)
|
|
РУХАВЫ
|
+
|
+
|
УПАРТЫ
|
|
|
ЗАПАЛОХАНЫ
|
+
|
+
|
ХВОРЫ, ЗНЯДУЖАНЫ
|
|
+
|
ЖОРСТКІ, НЕСПРАВЯДЛІВЫ
|
|
|
ПРАДПРЫМАЛЬНЫ
|
+
|
|
ПРАКТЫЧНЫ
|
+
|
+
|
МАКСІМАЛІСТ
|
|
|
РАЗВАЖЛІВЫ
|
+
|
+
|
РАШУЧЫ
|
+
|
Вывад па заданні: вернемся да аўтарскай назвы твора “Двое ўначы”. Ці аддае Быкаў перавагу аднаму з герояў, зыходзячы з назвы, пазначаных якасцяў? (Не.)
А. Адамовіч (наш выдатны пісьменніка, літаратуразнаўца, аўтар “Хатынскай аповесці”, “Я з вогненнай вёскі”) сцвярджаў, што “паласатыя” абодва – і Рыбак, і Сотнікаў. Сотнікаў – максімаліст у адносінах да людзей, і да сябе, яго станоўчыя якасці могуць павярнуцца не толькі гераізмам, але і нецярплівасцю (стараста), жорсткасцю і фанатызмам. Самаахвярнасць і ўпартасць Сотнікава (хвароба) прывяла да правалу задання, загінулі бязвінныя мірныя людзі. Ды і страх, разгубленасць Рыбака пакуль яшчэ не сведчаць аб тым, што ён стане здраднікам [5, с. 44].
3.2.2. Мінулае Сотнікава і Рыбака (індывідуальныя апераджальныя заданні, падрыхтоўка адказу па пэўных пазіцыях).
В. Быкаў шмат увагі надае мінуламу герояў. Перад тым, як перайсці да аналізу праблемы маральнага выбару, прапаную звярнуцца да ўспамінаў Сотнікава і Рыбака.
Прыкладны адказ:
Сотнікаў
|
Палажэнні для параўнання
|
Рыбак
|
Колькі гадоў споўнілася героям?
|
Сотнікаву 25 гадоў
|
|
Рыбаку 26 гадоў
|
Якую адукацыю атрымалі?
|
Скончых двухгадовы настаўніцкі інстытут, працаваў настаўнікам
|
|
Скончыў пяць класаў
|
Якім было сямейнае выхаванне?
|
Ён вырас у сям’і ўдзельніка грамадзянскай вайны і выхоўваўся на прыкладах гераічных учынкаў. Яму ўласцівы пачуццё годнасці, вернасці ідэалам, стойкасць.
Паказальным з’яўляецца выпадак з маўзерам [3, с. 306]. Вывад зрабіў на ўсё жыццё: нельга хлусіць, трэба адказваць за свае ўчынкі.
Важнае значэнне для разумення сутнасці вобраза і ўсяго твора мае згадка пра Біблію. Гэта кніга для героя невыпадковая, яна заўсёды ляжала на матуліным камодзе. Гэтая дэталь дакладна характарызуе маральны і духоўны ўклад жыцця сям’і
|
|
Атрымаў вясковае выхаванне. Умеў і любіў працаваць, бачыў вынікі.
Паважліва ставіўся да людзей, не любіў крыўдзіць іншых, прыносіць людзям зло.
Рыбак Біблію ўпершыню ўбачыў і трымаў у руках у хаце Пётры Качана
|
Як склаўся ваенны лёс?
|
У пачатку вайны служыў ў войску, камандаваў батарэяй.
Яркім успамінам стаў разгром палка, першы бой, калі ён падбіў 4 танкі. Вынес, што найбольшую карысць прыносяць тыя, хто не разгубіўся, быў больш спрытны, хто проста аказаўся дужэйшым.
Знаходзячыся ў палоне, стаў сведкам допыту палкоўніка [3, с. 209], якога расстралялі, але апошнія хвіліны перад смерцю былі подзвігам.
Успамінае і параненага лейтэнанта, які накінуўся з нажом на канваіра і тым самым даў магчымасць уратавацца палонным
|
|
Быў старшыной стралковай роты, трымаў дысцыпліну, але не спаганяў, стараўся па-добраму, дзеля службы, а не дзеля ўласнай выгады [3, с. 179]. Стараўся абыходзіцца без выпадкаў злосці.
Пасля разгрому часці хаваўся ў Карчоўцы, але калі такія ж як ён пачалі збірацца да кучы, не стаў сядзець без справы. Так і трапіў у атрад.
У партызанскім атраде хадзіў на заданні, неаднойчы ратаваў жыцці іншым (разведчыкам, пры адступленні атрада)
|
Вывад аб тым, каму з герояў аддае перавагу аўтар. (Нікому.)
3.2.3. Вырашэнне праблемы маральнага выбару (слайд 6; праблемны аналіз твора).
– Як паводзяць сябе героі перад тварам смерці?
– Якімі думкамі, пачуццямі жывуць?
– Які ў выніку робяць маральны выбар?
Прыкладны адказ: Сотнікаў жыве пачуццём віны перад Дзёмчыхай, яе дзецьмі, Пётрам. Ён трымае допыты, не жадае назваць нават свайго імя. Ён не бачыць ніякага кампрамісу з ворагамі.
Думае аб тым, як уратаваць іншых і страбуе гэта зрабіць, гаворачы, што віны іншых няма, што гэта ён партызан [3, с. 311] (ч. 17). Спадзяванне Сотнікава сваёй смерцю купіць выратаванне тым, хто быў побач не ажыццявілася.
Сотнікаў шмат думае пра смерць, робіць пэўныя высновы. Зачытайце іх.
Ён не разумее Рыбака, бо мае перакананне аб сапраўднай каштоўнасці жыцця.
Чым яно вымяраецца? Для Сотнікава гэта тое, што зрабіў чалавек для іншых. Ён незадаволены зробленым, але і марным сваё жыццё не лічыць.
– На што аказаўся здатны Сотнікаў перад знішчальнай сілай абставін? (Ён аказаўся мацнейшым за абставіны.)
Вельмі паказальнымі для разумення Сотнікава з’яўляюцца апошнія хвіліны жыцця. Паглядзім урывак з фільма Ларысы Шэпіцька “Узыходжанне” (пачатак 01:36:50, заканчэнне 01:38:29).
Вобраз хлопчыка сімвалічны. Што гэтым эпізодам гаворыць аўтар?
У вобразе хлопчыка надзея на адплату за здрадніцтва. Ён запомніць моц Сотнікава. Са спадзяваннем на памяць звязана і спадзяванне на будучыню чалавецтва.
А Што Рыбак? Чым жыў ён у апошнія гадзіны?
Ён баіцца за сваё жыццё, гатовы на супрацоўніцтва з ворагам, згаджаецца стаць паліцаем, у яго ўзнікае нялюдскае пажаданне смерці Сотнікаву, падслухоўвае гаворку арыштантаў, каб потым скарыстаць інфармацыю.
Ён хоча перахітрыць машыну фашызму [3, с. 279] (ч. 13) ад слоў “Але каму не вядома, што ў той гульні…” да слоў “…і тым дасць магчымасць уратавацца”. Ён не збіраўся станавіцца здраднікам.
Ён так думаў. Хацеў вырвацца з абставін, а потым адпомсціць за… (зачытайце [3, с. 274] (ч. 13) ад слоў “…тады ўжо напэўна расквітаўся б з гэтымі свалачамі…”).
Чытанне ўрыўка выкладчыкам ад слоў “Узрушаны і анямелы, ён аніяк не мог даўмецца, як гэта сталася….” [3, с. 330] (ч. 19).
Ці мяняецца аўтарскае стаўленне да Рыбака на працягу аповесці? (Так.)
Вазьміце лісты з азначэннямі, расстаўце нумары побач з паняццямі ў той паслядоўнасці, як мянялася стаўленне аўтара да героя.
3. Адчувае агіду.
1. Сімпатызуе.
2. Шкадуе.
Выснова: В. Быкаў вобразам Рыбака асуджае кампраміс чалавека з уласным сумленнем, які і прыводзіць да здрады. Паказаў, што часам узнікаюць такія абставіны, выйсця з якіх няма, але трагізм сітуацыі не здымае з чалавека адказнасці за сябе і за тых, хто побач.
4. Падвядзенне вынікаў занятку, выстаўленне адзнак.
5. Дамашняе заданне: напісаць сачыненне-разважанне з асэнсаваннем праблемы маральнага выбару для іншых герояў твора (з апорай на пытанні).
6. Рэфлексія (слайд 7).
Закончыце фразы: “Я магу перадаць адчуванне пасля сённяшняга занятку такімі словамі: мне жаль.., на вачах слёзы, бо.., не магу паставіць сябе на месца герояў, бо.., страшна ад таго, што…”.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 11 класа агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / З.П. Мельнікава [і інш.] ; пад рэд. З.П. Мельнікавай, Г.М. Ішчанка. Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2009. 304 с.
2. Булахова, З.Н. Современный урок : подходы к моделированию, проведению и рефлексии : метод. пособие / З.Н. Булахова. Минск : Зорны Верасок, 2016. 96 с.
3. Быкаў, В.У. Круглянскі мост. Сотнікаў : аповесці для ст. шк. узросту / Васіль Быкаў : прадм. М. Тычыны. Мінск : Мастацкая літаратура. 2008. 334 с.
4. Быкаў, В. Паэзія дабрыні і мужнасці / В. Быкаў // Праўдай адзінай : літ. крытыка, публіцыстыка, інтэрв’ю / В.Быкаў. Мінск, 1984. С. 199–203.
5. Пажарыцкі, М.Б. Мова твораў Васіля Быкава : лінгвістычна-культуралагічны аналіз / М.Б. Пажарыцкі // Роднае слова. 2002. № 1. С. 44.
Библиографическая ссылка
Л.М. Аленікава Вырашэнне праблемы маральнага выбару ў аповесці Васіля Быкава “Сотнікаў” // Мастерство online [Электронный ресурс]. – 2020. – 3(24).
Режим доступа: http://ripo.unibel.by/index.php?id=4767
Дата доступа: 24 Апреля 2024