pdf-версия статьи
|
В.В. Балышэва,
настаўнік белорускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы адукацыі
«Сярэдняя школа № 6 г. Пінска»
|
|
Л.Р. Напяркоўская,
настаўнік гісторыі
дзяржаўнай установы адукацыі
«Сярэдняя школа № 6 г. Пінска»
|
Анатацыя. У артыкуле прадстаўлена метадычная распрацоўка бінарнага ўрока па тэме “Васіль Быкаў “Жураўліны крык”. Чалавек і вайна” для вучняў VIII класа, у якім рэалізуюцца міжпрадметныя сувязі гісторыі і беларускай літаратуры, што дазваляе выявіць сувязь і інтэграваць веды вучняў для вырашэння адной праблемы.
Прапанаваны матэрыял можа быць выкарыстаны настаўнікамі як на ўроках беларускай літаратуры і гісторыі, так і ў пазакласнай дзейнасці з мэтай паглыблення ведаў вучняў па тэме, выхавання пачуццяў патрыятызму і адданасці сваёй Радзіме, фарміравання гістарычнай памяці, развіцця цікавасці да сучаснасці і будучыні сваёй краіны. Выкарыстаныя метады і прыёмы дапамагаюць стварыць умовы для развіцця ў вучняў уменняў аналізаваць і рабіць высновы ў працэсе навучання, работаць з картай, спрыяюць прыняццю матывацыі далейшай дзейнасці, фарміраванню моўных і камунікатыўных кампетэнцый, развіццю інтэлектуальнай, духоўна-маральнай культуры вучняў.
Ключавыя словы: аповесць, вайна, Васіль Быкаў, героі, «Жураўліны крык», Перамога.
Мэта: стварэнне ўмоў для ўспрымання твора, адчування і разумення трагічнасці і велічнасці лёсу герояў аповесці.
Задачы:
– пазнаёміць вучняў з біяграфіяй В. Быкава, звярнуць увагу на асноўную тэму яго творчасці, глыбокае веданне пісьменнікам псіхалогіі людзей на вайне; стварыць першаснае ўраджанне аб Вялікай Айчыннай вайне, гераізме і мужнасці байцоў;
– сфарміраваць першаснае ўяўленне пра жанравую своеасаблівасць твора; абмеркаваць уражанні вучняў ад прачытанай аповесці. Развіваць уменне аналізаваць і рабіць высновы ў працэсе навучання, работаць з картай;
– выхоўваць пачуцці патрыятызму і адданасці сваёй Радзіме, фарміраваць гістарычную памяць, развіваць цікавасць да сучаснасці і будучыні сваёй краіны.
Тып урока: бінарны ўрок (беларуская літаратура і гісторыя) камбінаваны.
Сродкі навучання: раздатачны і ілюстрацыйны матэрыял, мультымедыйная прэзентацыя, урывак з кінафільма.
І. Арганізацыйна-матывацыйны этап.
Вядучыя: настаўнiк беларускай мовы i лiтаратуры (НБ), настаўнiк гiсторыi.
НБ. Добры дзень, паважаныя вучні і шаноўныя госці. На сённяшнім занятку жадаю вам плённай і творчай працы. Вызначыць тэму гаворкі вам дапаможа верш Людмілы Воранавай “Краіны мае абеліскі...” ў выкананні вучня групы “Творцы” (слайд 1).
Вучань
(гучыць музыка)
Краіны мае абеліскі
Блішчаць, быццам зоркі ў цьме,
Галосіць над імі вятрыска,
Расказвае нам аб вайне…
Ідуць вераніцаю людзі
Да гэтых каменных святынь
І будуць ісці, пакуль будзе
Зіхцець гэтых зор калярынь.
Трапечацца вечны агеньчык,
Як сэрцы палёглых салдат…
Чытае ўнучка свой вершык
Пра час, што не вернеш назад,
Пра дзеда, які не вярнуўся
Да дому з пякельнай вайны
У вёсачку, што ў Беларусі…
А хіба ж, такія, адны?..
Іх многа! Не сотні!..Мільёны! –
Схаваны пад глыбамі пліт –
Жаўцяць пазалотай імёны,
Ахоўвае памяць граніт…
НБ. Якое ўражанне пакінуў у вас пачуты твор? Пра што мы будзем гаварыць на сённяшнім уроку? Якія вобразы вам дапамаглі зрабіць такія вывады? (Слайд 2)
НГ. Сапраўды, Вялікая Айчынная вайна – адна з самых трагічных старонак у гісторыі нашай краіны. У час вайны загінула больш за тры мільёны беларусаў, былі знішчаны цэлыя гарады, вёскі. Ні вы, ні я, на шчасце, не былі сведкамі тых жудасных падзей. А як мы можам даведацца пра гэты змрочны час? (Адказы вучняў: праз прагляд фільмаў, размову са сведкамі вайны, кнігі.)
Вы бачыце кніжную выставу, на якой сабраная літаратура расказвае пра тыя змрочныя, жудасныя часы. З гэтымі кнігамі вы можаце пазнаёміцца пасля ўрока.
ΙΙ. Тэма ўрока. Мэтавызначэнне.
НБ. Сённяшні ўрок мы прысвячаем памяці В. Быкава, памяці вашых дзедаў, прадзедаў, усіх тых, хто бачыў вайну, ваяваў, перажыў яе. Мы паспрабуем у думках перанесціся ў той далёкі ваенны час, сведкамі і ўдзельнікамі якога былі людзі, якіх засталося вельмі мала, але яны, на шчасце, яшчэ жывуць сярод нас. Дапаможа нам у гэтым твор былога франтавіка, народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава – аповесць “Жураўліны крык” (слайд 3).
Давайце акрэслім задачы, якія павінны рашыць на гэтым занятку. Выкарыстайце пры гэтым апорныя словы (слайд 4).
Апорныя словы: пазнаёміцца, раскрыць, даваць, паглыбіць, выказаць, даследаваць, знаходзіць, параўнаць, развіваць, дзяліцца, выхоўваць, высветліць, адзначыць, выявіць, вызначыць.
IΙI. Новы матэрыял.
НГ. Сёння на ўроку мы зробім крок да нашай гістарычнай памяці. Каб стварыць будучае, трэба памятаць аб мінулым. Таму сёння мы зноў гаворым пра вайну.
– А што значыць вайна для вас, пакалення XXI стагоддзя? Падбярыце і запішыце асацыяцыі да слова “вайна” (слайд 5).
– Якія словы суседа па парце вам спадабаліся? Дапішыце іх сабе.
“Вайна ёсць працяг палітыкі іншымі сродкамі”. Войны бываюць розныя. Папрацуйце ў групах і паспрабуйце запоўніць карту-схему класіфікацыі войнаў.
Давайце праверым, што ў вас атрымалася (слайд 6). (Адказы вучняў: войны бываюць:
– зыходзячы з мэт, іх дзеляць на рабаўніцкія, заваявальныя, каланіяльныя, рэлігійныя, дынастычныя, гандлёвыя, нацыянальна-вызваленчыя, патрыятычныя (Айчынная вайна 1812 г.), рэвалюцыйныя;
– па размаху ваенных дзеянняў і колькасці сіл і сродкаў, якія ў іх задзейнічаны, войны дзеляцца на лакальныя і буйнамаштабныя;
– характары супрацьлеглых бакоў адрозніваюць грамадзянскія і знешнія вайны;
– спосабах вядзення – наступальныя і абарончыя, рэгулярныя і партызанскія (герылья);
– месцы вядзення: сухапутныя, марскія, паветраныя, берагавыя, прыгонныя і палявыя, да якіх часам дадаюць таксама арктычныя, горныя, гарадскія, войны ў пустыні, войны ў джунглях.
У якасці прынцыпу класіфікацыі бярэцца і маральны крытэрый – справядлівыя і несправядлівыя войны.)
НБ. Скажыце, ці ёсць такія групы, якія амаль цалкам справіліся з гэтым заданнем? Да дадзенай класіфікацыі вы яшчэ вернецеся на ўроках гісторыі.
НГ. Уявіце, за ўвесь час існавання чалавецтва толькі 50 год былі мірнымі. Але самай жудаснай для беларускага народа была Вялікая Айчынная вайна (слайд 7).
Чаму гэта вайна атрымала такую назву?
На вашых сталах ёсць ілюстрацыйны матэрыял, гістарычныя цытаты, выказванні дзеячаў гісторыі, выберыце тыя, якія маюць дачыненне да нашай тэмы, тэмы Вялікай Айчыннай вайны.
НБ. Цэнтральная тэма творчасці В. Быкава – вайна. “Вайна – самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі… Яна не павінна паўтарыцца”, – пісаў Васіль Быкаў.
Як вы разумееце сэнс гэтых слоў? (Будучы жывым сведкам тых страшных падзей, пісьменнік усведамляе сваю адказнасць перад цяперашнім і будучым пакаленнямі за аб’ектыўны мастацкі летапіс эпохі.)
IV. Фізкультхвілінка.
НГ. Падыміце правую руку тыя, у каго прадзеды ваявалі на вайне?
Падыміце левую руку тыя, хто ведае пра страты сваёй сям’і ў час Вялікай Айчыннай вайны?
Ціхенька падыміцеся тыя, у каго родныя ў час вайны былі вязнямі канцлагераў?
Сцісніце кулакі тыя, хто чуў расказы пра вайну ад родных або ад чужых людзей?
НБ. З творчасцю Васіля Быкава мы сустракаемся не ў першы раз. Назавіце апавяданне гэтага аўтара, якое мы вывучалі ў сёмым класе. (В. Быкаў “Незагойная рана”) (слайд 8). Гэта апавяданне таксама прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайне.
Для таго, каб зразумець аўтара, трэба ведаць, чым ён жыў, якія выпрабаванні пераадолеў. Давайце пазнаёмімся з жыццём нашага выдатнага пісьменніка.
Для гэтага паслухаем справаздачы груп “Літаратары” і “Гісторыкі” аб выкананні дамашняга задання.
“Літаратары”: наша група рыхтавала паведамленні пра жыццё В. Быкава. Усе заданні выканалі. Лепшае выступленне мы лічым у … (слайды 9–12).
“Гісторыкі”: наша група рыхтавала карту жыцця В. Быкава. Больш за ўсіх фактаў з біяграфіі В. Быкава знайшла і адзначыла на карце ...
НБ. Слухаючы справаздачы груп, запоўніце табліцу “Біяграфія В. Быкава”.
НГ. Яшчэ адна спадчына, якую пакінуў нам В. Быкаў, – карты, намаляваныя самім пісьменнікам. Не ігральныя, зразумела, а геаграфічныя... . Ён маляваў іх усё жыццё – звычка яшчэ з ваеннага юнацтва. Вядомы выпадак: у пачатку вайны будучы класік адстаў ад свайго атрада, яго схапілі свае ж, і, знайшоўшы самаробную карту, вырашылі, што хлопец-шпіён. Толькі цудам удалося В. Быкаву пазбегнуць расстрэлу.
НБ. Пасля выканання табліца павінна выглядаць наступным чынам (слайд 13).
НБ. Значнай з'явай у літаратуры стала аповесць В. Быкава «Жураўліны крык» (1959), якая прынесла празаіку трывалае і цалкам заслужанае прызнанне. “Жураўліны крык” – першы ва ўсіх адносінах тыповы для Васіля Быкава твор.
V. Псіхалагічная хвіліна.
Па аповесці “Жураўліны крык” зняты фільм. Сёння мы маем мажлівасць убачыць некалькі кадраў з гэтага фільма (прагляд урыўка з кінафільма).
VI. Работа ў групах.
НБ. Зараз вы папрацуеце ў групах і выканаеце прапанаваныя заданні. На гэта вам даецца 3–4 хвіліны.
Ι група
НБ. У жанравых адносінах “Жураўліны крык” – гэта аповесць. Вызначце рысы, якія характэрныя гэтаму жанру (прыём “Ланцужок”: ланцужок не павінен разарвацца, усе вучні групы павінны даць свой адказ, правільныя варыянты выбіраюцца з прапанаваных) (слайд 16).
– Аповесць – гэта адзін з асноўных жанраў эпічнай літаратуры;
– яна значна большая за апавяданне;
– сюжэт яе складаецца з некалькіх эпізодаў, звязаных з жыццём аднаго або некалькіх герояў;
– сюжэт аповесці больш складаны, чым сюжэт апавядання;
– у аповесці расказваецца пра адзін чалавечы лёс, але ён цесна звязаны з лёсам іншых людзей.
НБ. З усяго сказанага, мы робім вывад, што аповесць — мастацкі твор, пераважна празаічны, у якім расказваецца пра шэраг важных падзей, што адбываюцца на працягу значнага перыяду жыцця галоўнага героя, паказваюцца яго ўзаемаадносіны з іншымі персанажамі.
Зараз мы ўспомнілі асноўныя рысы аповесці. Аповесці В. Быкава маюць свае асаблівасці. Пра іх мы пагаворымна апошнім уроку, калі вывучым увесь твор.
ΙΙ група
1. Скончы фразу (слайды 17–18):
– Дзеянне аповесці адбываецца … (восенню 1941 г. пад Смаленскам).
– Савецкія войскі … (адступалі).
– Шэсць салдат атрымалі заданне … (затрымаць немцаў на суткі, каб даць магчымасць батальёну адступіць).
– Камандзірам быў прызначаны … (старшына Карпенка).
– Ён быў не задаволены … (байцамі і адсутнасцю рыдлёвак).
– Байцоў і зброі было мала, сілы няроўныя, але ж заданне камбата было… (выканана).
– Усе героі аповесці… (загінулі).
НБ. У аповесці ўпамінаюцца і іншыя насаленыя пункты. З якімі падзеямі яны звязаны, раскажа ... (загадзя падрыхтаваны вучань).
Хвілінка гісторыі. Карта падзей аповесці “Жураўліны крык”.
У аповесці ваенныя падзеі адбываюцца каля весак Тодараўцы Баранавіцкага раёна і вёскі Баравічы Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці, пад Смаленскам.
Таксама магчыма прасачыць жыццевы шлях герояў.
Жыццевы шлях Пшанічнага – горад Бранск, Данбас, Сібір.
Свіст родам з Саратава, любіў кататся па Волзе на байдарцы, пілаваў лес у Сібіры, быў на Сахаліне.
Глечык родам з Віцебска, вучыўся ў Смаленску.
Карпенка родам з Арлоўшчыны, ваяваў у фінскую, у гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў пад Лепелем.
Фішар гадаваўся у Ленінградзе.
А зараз яны усе разам выконваюць свой абавязак.
НБ. Мы бачым, што сюжэт аповесці просты і складаецца з аднаго эпізода: група людзей пакінута на чыгуначным пераездзе, каб на суткі перакрыць дарогу ворагам. Але ў аповесці падаецца шэраг чалавечых лёсаў, характараў. Давайце з імі пазнаёмімся.
ΙΙΙ група
Падабраць з 1-й часткі аповесці радкі для гульні “Пазнай героя па яго апісанні” (слайд 19).
1. “Мужны, прысадзісты, шыракатвары, з рашучымі вачыма і цяжкімі сківіцамі” (Карпенка).
2. “Вучоны”, у акулярах, высокі, сутулы баец (Фішар).
3. “Няўдака, малады, са свежымі сумнымі вачыма (Глечык).
4. “Белабрысы, расшпілены на ўсе кручкі і гузікі, жулікаваты з выгляду хлопец” (Свіст).
5. “Непаваротлівы, мардаты, з пухлай далонню баец” (Пшанічны).
6. “Чарнявы, прыгожы малады баец” (Аўсееў).
НБ. На наступных уроках мы даведаемся аб даваенным жыцці кожнага з герояў. Убачым, як паводзіць сябе кожны з іх у экстрэмальнай сітуацыі.
VIІ. Творчасць.
НГ. Каб стварыць будучае, трэба помніць мінулае. Кажуць, новая вайна будзе, калі народзіцца пакаленне, якое забудзе, што такое вайна.
Складзіце сінквейн са словам “памяць” (слайд 20).
НБ. Паслухаем верш Вольгі Лойка “Памяць нашай крыві” (слайд 21).
Вучань
(чытае на памяць загадзя падзыхтаваны)
Не была на вайне ніколі,
не хавалася ў раўках,
але ў сэрцы жыве з маленства
перад жудасным часам страх.
У начы палыхне зарніцаю,
адгукнецца ў спіну “стой!”
Гэта памяць iдзе навальніцаю,
памяць нашай крывi з табой.
Засланяюць на небе сонца
мне армады жалезных крыл.
i бягу, ад iх не схавацца...
Мне б праснуцца хапiла сiл...
І таму кiнастужкi хронiкi
ужо мiнулай даўно вайны
не гляджу, апускаю позiрк я:
так балюча ад той бяды.
Не была на вайне нiколi
i не дай жа нам Бог спазнаць,
як пальецца чырвонай стужкаю
кроў з жаданнем не ваяваць.
VΙIΙ. Дамашняе заданне (слайд 22).
1. Перачытаць 1–2 раздзелы аповесці “Жураўліны крык” В. Быкава, знайсці ў тэксце радкі, дзе ўпершыню расказваецца пра герояў твора.
2. Падрыхтаваць ілюстрацыі да раздзелаў 1, 2.
ΙX. Рэфлексія (слайд 23).
НБ. Дзякуй за добрую працу. Калі тэма нашага ўрока вас усхвалявала, прымацуйце да дошкі белага жураўліка, калі не – чорнага.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Военный энциклопедический словарь / под ред. Н.В. Огаркова. М. : Воениздат, 1983. 864 с.
2. Воюш, І. Вайна ў дзіцячым сэрцы: проза В. Быкава на ўроку напісання сачынення [Электронны рэсурс] / І. Воюш. Рэжым доступу : http://elib.bsu.by/bitstream/123456789/18088/1/Воюш%20Быкаў.pdf. Дата доступу : 25.05.2020.
3. Локун, В. Быкаўская праўда вайны / В. Локун // Да новых вышынь : літаратурна-крытычныя артыкулы / В. Локун. Мiнск : Маст. літ., 1991. С. 3–93.
Раздатачны матэрыял
Дадатак 1
Васіль Быкаў. Аповесць “Жураўліны крык”. Чалавек і вайна.
1. ВАЙНА __________________________________________________
2. Вайна
зыходзячы з мэтаў
______________ _________________ _____________ __________
па размаху ваенных дзеянняў і колькасці задзейнічаных сіл і сродкаў
_______________________ _________________________________
па характары супрацьлеглых бакоў
______________________ ___________________________________
па спосабах вядзення
___________ ____________ _________________ ________________
па месцы вядзення
____________ __________ ____________ ___________ ____________
па маральнаму крытэрыю
____________________________ _______________________________
3. Запоўні табліцу.
|
Нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці
|
1939 г.
|
|
|
Вучыўся ў пяхотным вучылішчы ў Саратаве
|
1944 г.
|
|
|
Пасля дэмабілізацыі В. Быкаўжыў у Гродне, працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда»
|
1949 г.
|
|
1978г.
|
|
|
Васіль Быкаў вырашыў пажыць у Фінляндыі, куды пераязджае з жонкай
|
2002 г.
|
|
|
Памёр ў 20 гадзін 30 хвілін у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталю ў Бараўлянах пад Мінскам
|
4. ПАМЯЦЬ.
Дадатак 2
Выказванні
“Наша справа правая. Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі!”
“Вялікая Расея, а адступаць няма куды – ззаду Масква!”
“Я паміраю, але не здаюся! Бывай Радзіма!”, “Памром, але з крэпасці не пойдзем!”
“Таварышы! Грамадзяне! Браты і сёстры! Да вас звяртаюся я сябры мае.”
“Мы Барбары, і мы хочам быць варварамі. Гэта ганаровае званне.”
Калі мяне пытаюцца: “Што больш за ўсё запомнілася з мінулай вайны?”, я заўсёды адказваю: “Бітва за Маскву.”
Нам кажуць, што вайна-гэта забойства. Не: гэта самагубства.
Рамсей Макдоналд
Вайна-гэта па большай частцы каталог грубых памылак.
Уінстан Чэрчыль
Калі б нашы салдаты разумелі, з-за чаго мы ваюем, нельга было б весці ніводнай вайны.
Фрыдрых Вялікі
Першай ахвярай вайны становіцца праўда.
Джонсан Хайра
Вайна занадта важная справа, каб давяраць яе вайскоўцам.
Жорж Клемансо
Усякая вайна між еўрапейцамі ёсць грамадзянская вайна.
Віктор Гюго
Библиографическая ссылка
В.В. Балышэва, Л.Р. Напяркоўская Васіль Быкаў «Жураўліны крык». Чалавек і вайна // Мастерство online [Электронный ресурс]. – 2020. – 3(24).
Режим доступа: http://ripo.unibel.by/index.php?id=4768
Дата доступа: 26 Апреля 2024